На даіндустрыяльнай стадыі развіцця чалавецтва яна адыгрывала вызначальную ролю ў структуры сусветнай гаспадаркі. Па меры развіцця індустрыялізацыі і постындустрыялізацыі доля сельскай гаспадаркі стала змяншацца. У структуры сусветнага валавога прадукту яна складае 6,4 %, у развітых краінах — 1 %, у краінах, якія развіваюцца, — 26 %. У сельскай гаспадарцы занята 3453 млн чалавек. У структуры занятасці насельніцтва доля сельскай гаспадаркі большая — 26,5 %.
Гэта тлумачыцца значнай колькасцю ў свеце дзяржаў, якія развіваюцца. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні ў занятасці насельніцтва ў сельскай гаспадарцы. У развітых краінах доля занятых знізілася да 3 %, у краінах, якія развіваюцца, складае каля 65 %.
Сельская гаспадарка свету характарызуецца трыма функцыямі, якія захоўваюць яе значэнне ў сусветнай гаспадарцы:
1)паўсюднае геаграфічнае распаўсюджванне; 2)вытворчасць і забеспячэнне харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай;
3)забеспячэнне занятасці насельніцтва ў вялікай колькасці дзяржаў.
На размяшчэнне і развіццё сельскай гаспадаркі ўплываюць пэўныя фактары. Прыродны фактар выступае асновай для геаграфічных адрозненняў у сельскай гаспадарцы. У залежнасці ад агракліматычных умоў тэрыторыі (працягласці вегетатыўнага перыяду, колькасці ападкаў, умоў атмасфернага ўвільгатнення, працягласці безмарознага перыяду, урадлівасці глеб і інш.) вылучаюцца зоны сельскагаспадарчай спецыялізацыі свету.
Важную ролю адыгрывае сацыяльна-эканамічны фактар. Ён характарызуецца традыцыямі вядзення сельскай гаспадаркі; узроўнем механізацыі, хімізацыі і электрыфікацыі; аб’ёмам капіталаўкладанняў у галіну, у тым ліку ўкараненняў новых тэхналогій; узроўнем прадукцыйнасці працы і прыбытковасці галіны.
У апошні час на развіццё сельскай гаспадаркі краін свету аказваюць уплыў міжнародны гандаль і адзіная аграрная палітыка, якія дзейнічаюць у некаторых інтэграцыйных аб’яднаннях. У цэлым пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця прыродныя фактары працягваюць адыгрываць вызначальную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі. Па меры яго росту ў краіне залежнасць ад прыродных фактараў слабее.
У структуры сусветнага зямельнага фонду на землі сельскагаспадарчага прызначэння прыходзіцца 37 %, у тым ліку на раллю — 12 %. Сярод вядучых сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі вылучаюцца Кітай (20 % сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі), Індыя (11) і ЗША (8 %).
У свеце цікавага.
Ізраільская сельская гаспадарка — гэта сусветны феномен. У краіне, дзе менш за 20 % зямель прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі, фермеры забяспечваюць патрэбы насельніцтва ў прадуктах харчавання на 95 %. Пры гэтым Ізраіль не толькі забяспечвае ўласныя харчовыя патрэбы, але і паспяхова экспартуе сваю прадукцыю ў дзясяткі краін. Сакрэт поспеху ізраільскага аграсектара — тэхналогіі. Інавацыйныя падыходы Ізраіля да вядзення сельскай гаспадаркі зніжаюць кліматычныя рызыкі і садзейнічаюць рацыянальнаму выкарыстанню найкаштоўнейшых для пустыннага клімату водных рэсурсаў.
Разнастайнасць прыродна-кліматычных умоў свету, адрозненні ў сістэме землеўладання, землекарыстання і аграрных рэформах абумовілі вылучэнне, з аднаго боку, зон сельскагаспадарчай спецыялізацыі, з другога боку, падобных галіновых напрамкаў у краінах і рэгіёнах. Гэтыя ўмовы вызначаюць геаграфічны тып сельскай гаспадаркі.
Геаграфічны тып сельскай гаспадаркі — устойлівае спалучэнне прыродна-абумоўленых і гістарычна складзеных вытворчых прыкмет сельскай гаспадаркі на канкрэтнай тэрыторыі, якія ўключаюць: 1)аграрныя адносіны,
2)спецыялізацыю,
3)інтэнсіўнасць вытворчасці,
4)узровень матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці, 5)сістэмы земляробства і жывёлагадоўлі.
На аснове паказаных вышэй асаблівасцей сельскай гаспадаркі ў сусветнай гаспадарцы вылучаюць тры асноўныя катэгорыі і 11 геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі (гл. Дадатак 3, с.212).
Збожжавая гаспадарка характарызуецца:
попытам на збожжа, які пастаянна расце,
стабілізацыяй валавой вытворчасці,
зніжэннем пасяўных плошчаў,
павелічэннем ураджайнасці збожжавых культур.
З другой паловы ХХ ст. пад уплывам біятэхналагічнай рэвалюцыі валавыя зборы збожжавых у свеце сталі расці значна хутчэй. У цяперашні час у сярэднім па свеце збор складае 2,55 млрд т. Краінамі — лідарамі па вытворчасці збожжа выступаюць Кітай (20 % сусветнага рынку), ЗША (16), Індыя (11), Канада (4) і Расія (3,5 %). Трыма галоўнымі збожжавымі культурамі з’яўляюцца кукуруза, пшаніца і рыс, на долю якіх у пасяўных плошчах прыходзіцца 83 %, а ў валавым зборы — 89 %.
Кукуруза з’яўляецца галоўнай культурай сярод збожжавых па валавых зборах. Гэта пераважна кармавая культура, аднак у краінах, якія развіваюцца, і ў некаторых развітых краінах яна выкарыстоўваецца ў ежу. Улічваючы, што кукуруза больш цеплалюбівыя культура, яе арэалы ахопліваюць амерыканскі Сярэдні Захад, Мексіку, поўдзень Еўропы, Індыю, Кітай, Паўднёва-Усходнюю Азію, Бразілію, Аргенціну, ПАР.
Агульны валавы збор кукурузы ў свеце складае 1134 млн т, доля ў структуры збожжавых — 41,5 %. Па валавых зборах кукурузы ў першую тройку краін уваходзяць ЗША (371 млн т), Кітай (259), Бразілія (98 млн т).
Мал. Асноўныя вытворцы кукурузы у свеце, 2016 г., млн т
Пшаніца з’яўляецца самай геаграфічна распаўсюджанай сельскагаспадарчай культурай у свеце і другой па валавых зборах збожжавых. Геаграфія вырошчвання культуры прадстаўлена двума паясамі — паўночным і паўднёвым. Паўночны пояс ахоплівае Паўночную Амерыку, Еўропу, поўдзень еўрапейскай часткі Расіі, Паўночную Афрыку, Блізкі і Сярэдні Усход.
Мал. Пшанічныя палі ў Францыі
Валавы збор пшаніцы ў свеце складае 771 млн т, доля ў структуры збожжавых — 29,4 %. Па валавых зборах пшаніцы ў першую тройку краін уваходзяць Кітай (134 млн т), Індыя (98,5), Расія (86 млн т).
Мал. Асноўныя вытворцы
пшаніцы у свеце, 2016 г., млн т
© ООО «Знанио»
С вами с 2009 года.