А. А. Жук,
намеснік дырэктара па ВВР,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Свіслацкая сярэдняя школа Асіповіцкага раёна”
Урок беларускай літаратуры ў 7 класе
Вырашэнне праблемы ўзаемаразумення бацькоў і дзяцей у апавяданні Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”
Мэта.
Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць ведаць стандартны мінімум фактычных звестак пра падзеі, апісаныя ў апавяданні, матэрыял для аналізу вобраза маці і вобраза сына; адказы на ключавыя пытанні ўрока; умець выражаць сваё стаўленне да герояў апавядання.
Задачы асобаснага развіцця:
ü садзейнічаць фарміраванню навыкаў аналітычнага чытання, развіццю творчага мыслення;
ü далучыць вучняў да вечнай маральнай праблемы бацькоў і дзяцей;
ü выхоўваць міласэрнасць, гуманнасць, павагу да бацькоў;
ü садзейнічаць выхаванню культуры індывідуальнай і калектыўнай навучальнай дзейнасці
Формы работы: індывідуальная, франтальная, групавая.
Від урока: урок-роздум.
Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, дыдактычны матэрыял.
Эпіграф: Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем…
Рыгор Барадулін.
Ход урока
Мэта: псіхалагічная падрыхтаванасць класа да ўрока, арганізацыя ўвагі вучняў.
Педагагічная задача: арганізаваць і падрыхтаваць вучняў да работы.
Настаўнік. Ці згодны вы, паважаныя вучні, з тым, што сёння ў нас не зусім звычайны ўрок? А чым ён незвычайны? Давайце і павітаемся з вамі незвычайна.
Кожны чалавек вітаецца па некалькі разоў на дзень. Адны вітаюцца поціскамі рук, другія – абдымкамі, трэція – пацалункамі, чацвертыя – насамі. Мы ж з вамі будзем вітацца вось так (узмах рукі). Але вы са мной вітайцеся толькі тады, калі згодны з тым, што я гавару. Ну што, гатовы вітацца?
Я вітаю тых, хто падрыхтаваўся да ўрока!
Я вітаю тых, у каго сёння дрэнны настрой!
Я вітаю тых, хто прыйшоў паказаць свае веды!
Я вітаю тых, хто прыйшоў атрымаць добрую адзнаку!
Я вітаю тых, хто прыйшоў парадавацца поспеху таварыша!
Я вітаю тых, каго апавяданне “ На каляды к сыну” не пакінула абыякавым!
Я вітаю тых, хто паважае сваіх бацькоў!
Вось мы і павіталіся. Вы, напэўна, заўважылі, што ў апошніх прывітаннях я ўзгадала твор, вывучэннем якога мы займаемся.
Мэта: актывізацыя суб’ектыўнага вопыту вучняў, самавызначэнне на вынік урока.
Педагагічная задача: актуалізаваць апорныя веды і ўменні, сфарміраваць пазнавальны інтарэс да апавядання, стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі.
Cёння мы працягваем вывучаць апавяданне З. Бядулі “На Каляды к сыну”, але гэтым разам я прапаную вам урок-роздум над вечнай праблемай, якая неаднойчы ўздымалася ў розных творах і рознымі аўтарамі. Гэта праблема ўзаемаразумення бацькоў і дзяцей. Я падрыхтавала лісты з заданнямі і пытаннямі па тэме ўрока, якія вы будзеце паступова запаўняць сваімі адказамі на працягу ўрока (Дадатак). Падпішыце лісты і запішыце тэму ўрока. Паколькі ў нас сёння ўрок-роздум, давайце пачнём з такога пытання:
- Якія мэты ўрока вы паставіце перад сабой, прааналізаваўшы тэму?
- Як вы разумееце выраз “ ўзаемаразуменне бацькоў і дзяцей”?
- А што азначае слова “ праблема”?
- Якое дачыненне мае гэтая праблема да апавядання “На Каляды к сыну”?
- Якія мэты мы павінны вырашыць на сённяшнім уроку? (Вызначым, якімі былі адносіны маці да сына і сына да маці; чаму сын так ставіўся да сваёй роднай матулі; што трэба рабіць, каб не быць падобнымі да сына Тэклі.)
Вельмі радуе, што вашы мэты супалі з маімі. Звярніце ўвагу на слайд.
Мэта: рашэнне праблемы ўрока з апорай на ўласны вопыт, тэкст, веды па тэорыі літаратуры; забеспячэнне пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Педагагічная задача: арганізаваць мэтанакіраваную адукацыйную дзейнасць вучняў, стварыць сітуацыю творчых разважанняў.
У якасці эпіграфа да ўрока я ўзяла словы Рыгора Барадуліна.
Як вы разумееце гэтыя радкі? Што для вас ваш дом? Чым для вас з’яўляюцца бацькі? Ці ўяўляеце вы сваё жыццё без іх? (Адказы вучняў.)
Вельмі радуе, што вы любіце і паважаеце сваіх бацькоў. І як працяг нашай размовы – зварот да лістоў. Звярніце ўвагу на 2 заданне. Я прапаную вам запісаць рад асацыяцый да паняццяў “ бацькі і дзеці”. Вось, напрыклад, у мяне гэтае паняцце асацыіруецца з такімі паняццямі, як любоў, павага. А ў вас? А цяпер падкрэсліце ў вашым радку найбольш важнае, на вашу думку, паняцце. Што атрымалася?
Што адбываецца з чалавекам, калі ён страчвае сувязь з бацькоўскім домам? Гэта галоўнае пытанне, на якое мы павінны знайсці адказ, аналізуючы апавяданне Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”.
А зараз вы папрацуеце ў групах непасрэдна з тэкстам.
1 група:
1. Расказаць пра жыццё Лаўручка, пачынаючы з дзяцінства і заканчваючы момантам, калі герой пайшоў вучыцца на адваката (стар. 96–97).
2. Як ставіліся бацькі (Тэкля і Цыпрук) да таго, што іх сын становіцца панам? (стар. 97–98)
3. З прапанаваных якасцей выберыце 5, якія, на ваш погляд, найбольш дакладна характарызуюць Лаўручка.
2 група:
1. Расказаць пра жыццё Тэклі з Цыпруком і пасля яго смерці (стар. 95–96,
98).
2. Як ставіліся аднавяскоўцы да Тэклі? Якія давалі ёй парады? Як успрымала Тэкля гэтыя парады? (стар. 98–99).
3. З прапанаваных якасцей выберыце 5, якія, на ваш погляд, найбольш дакладна характарызуюць Тэклю.
3 група:
1. Якія пачуцці перапаўняюць сэрца Тэклі ў дарозе да сына? З прапанаваных выберыце 5, якія найбольш дакладна перадаюць стан Тэклі, калі яна ідзе да сына. Пацвердзіце радкамі з твора (стар. 99–101).
2. Прачытайце па ролях эпізод сустрэчы маці і сына. Выкажыце свае адносіны да паводзін сына (стар. 101–102).
3. Перадайце ўнутраны стан Тэклі. Як вы думаеце, што адчувае Тэкля зараз? Ці засталіся ў яе душы якія-небудзь пачуцці? (стар. 102).
Пытанні да ўсіх груп:
ü Лаўручок стаў адвакатам. Ці будзе ён, на вашу думку, абаронцам простых людзей у судзе? Чаму?
ü Апавяданне называецца “ На Каляды к сыну”. Што вы ведаеце пра Каляды?
ü Чаму дзеянне твора адбываецца напярэдадні Каляд?
ü Што хацеў падкрэсліць аўтар такой назвай?
ü А цяпер давайце звернемся да нашага асацыятыўнага ланцужка. Якія новыя паняцці мы можам дабавіць? Найбольш важныя паняцці ў гэтым ланцужку не змяніліся? Ці, можа, хто-небудзь змяніў свой погляд?
Фізкультхвілінка. Той, хто лічыць сябе добрым сынам, Падыміся!
Той, хто ўдзячны зямлі Беларусі,
Пакланіся!
Хто бацькоў сваіх паважае,
Усміхніся!
Хто да добрых ведаў імкнецца, Пацягніся!
Хто сябру дабра жадае, Прывітайся!
І хутчэй да кнігі, за парту Вяртайся!
Звярніце ўвагу на слайд. Народная мудрасць сцвярджае: “ Што пасееш – тое і пажнеш”. Вядомы педагог Антон Сямёнавіч Макаранка гаварыў: “Нашы дзеці – наша старасць.
Правільнае выхаванне – гэта наша шчаслівая старасць”.
ü Як вы разумееце кожнае з гэтых выказванняў?
ü Якое дачыненне маюць гэтыя выказванні да апавядання “ На Каляды к сыну”? ü Ці можна лічыць такую сустрэчу зусім нечаканай для чытача? (Званочкі няўдзячнасці сына ўжо былі. Памятаеце, яшчэ Цыпрук папярэджваў жонку аб гэтым.)
ü Давайце разам прасочым шлях маральнай дэградацыі Лаўручка.
Слоўнікавая работа: дэградацыя – гэта паступовая страта маральных якасцей.
Лесвіца маральнай дэградацыі Лаўручка
Дзесяцігадовага Лаўручка пан забірае на выхаванне
Лаўручок засаромеўся і адсунуўся ад абдымкаў маці
Бацькам сваім ён ніколі нічога не пісаў
|
|
|
Дарослы Лаўрук прагнаў родную маці, як
“шалёную жабрачку”
Адкупіўся ад яе трохрублёўкамі
ü У чым прычына няўдзячнасці сына?
ü Які вывад мы можам зрабіць?
Вывад. Дзіця павінна выхоўвацца ў сям’і. Калі ж бацькі аддалі свайго сына, нават з самых лепшых пабуджэнняў, дык нельга чакаць ад яго ўдзячнасці.
Мэта: абагульненне ўяўленняў вучняў аб галоўнай ідэі апавядання.
Педагагічная задача: арганізаваць выкананне вучнямі творчых заданняў.
Нават зрабіўшы такую выснову, мы ўсё роўна шкадуем маці і не можам зразумець жорсткасці сына. Зараз я прапаную вам зноў папрацаваць у групах:
ü 1 група намалюе сэрца маці.
ü 2 група намалюе сэрца сына.
ü 3 група стварае мадэль сям’і (з дапамогай сімвалаў, схематычна).
(Прадстаўленне праектаў.)
Я думаю, што мы ўжо можам адказаць на тое пытанне, якое было пастаўлена ў пачатку ўрока: “Што адбываецца з чалавекам, калі ён траціць сувязь з бацькоўскім домам, з сям’ёй?”
Чалавек, які не выхоўваецца ў сваёй сям’і, траціць усё самае святое ў душы, парушае адзін з дзесяці законаў вечнасці: “Шануй бацькоў сваіх – і тады твае дзеці будуць шанаваць цябе”. Ён забывае, што старасць не можа быць шчаслівай, але яна можа і павінна быць годнай, спакойнай. Гэта тыя адвечныя ісціны, якія павінны выхоўвацца ў сям’і. Я спадзяюся, што ў вашых сем’ях аб гэтым ведаюць і вы ніколі не станеце лаўручкамі для сваіх бацькоў.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
(Калі час дазваляе, напісаць эсэ на агульную тэму “ Бацькі і дзеці”.)
Мэта: усведамленне вучнямі актуальнасці мастацкага твора.
Педагагічная задача: стварыць умовы для ўсведамлення вучнямі мастацкай значнасці вывучанага твора, садзейнічаць узбагачэнню эмацыянальнага свету вучняў.
Што з сённяшняга ўрока (якія веды, думкі, пачуцці) вы возьмеце з сабой у дарогу па жыцці?
Мэта: свядомы выбар і паспяховае выкананне дамашняга задання.
Педагагічная задача: забяспечыць выбар вучнямі дамашняга задання.
Дамашняе заданне (на выбар):
ü зрабіць кадраплан “ Паход Тэклі ў горад”;
ü напісаць сачыненне-разважанне “ Бацькі і дзеці - ….”
ü дапісаць даканчэнне твора “ А ўсё магло быць так…”.
Дадатак
Прозвішча, імя _______________________________________________________
Тэма ўрока___________________________________________________________________
___________________________________________________________________________
№ |
Пытанне |
Адказ |
1. |
Якія мэты ўрока вы паставіце перад сабой, прааналізаваўшы тэму? |
|
2. |
Запішыце рад асацыяцый да паняцця “ бацькі і дзеці” |
|
3. |
Што адбываецца з чалавекам, калі ён страчвае сувязь з бацькоўскім домам? |
|
4. |
Запішыце 5 асноўных якасцей, якія дакладна характарызуюць Лаўручка |
|
5. |
Запішыце 5 асноўных якасцей, якія дакладна характарызуюць маці |
|
6. |
У чым прычына няўдзячнасці сына? |
|
7. |
Што з сённяшняга ўрока (якія веды, думкі, пачуцці) вы возьмеце з сабой у дарогу па жыцці? |
|
© ООО «Знанио»
С вами с 2009 года.