Статья "УСПАМІН БАЛЮЧЫ І НЕЗАБЫЎНЫ"

  • docx
  • 03.02.2020
Публикация в СМИ для учителей

Публикация в СМИ для учителей

Бесплатное участие. Свидетельство СМИ сразу.
Мгновенные 10 документов в портфолио.

Иконка файла материала Трыццаць гадоў прайшло з Чарнобыльскай катастрофы.docx

Трыццаць гадоў прайшло з Чарнобыльскай катастрофы. Але боль, які яна пакінула, і да гэтага часу жыве у сэрцы кожнага беларуса. І ў тым ліку і ў маім, бо вынікі той бяды, якая абрынулася на маю Краснапольшчыну, адбіліся і ў маім лёсе. І самы тужлівы ўспамін – пра памерлыя вескі, у якіх прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Данесці да чытачоў,  «Настаўніцкай газеты» свой аповед пра тое, што і дагэтуль шчымлівай тугой у душы, мяне падштурхнуў  матэрыял  «Боль, які не заціхае», нашай мясцовай карэспандэнткі Святланы Вадап'ян. І радкі, што я пішу – гэта незабыўнае і якое застанецца  са  мной на ўсе жыцце.

 

УСПАМІН БАЛЮЧЫ І НЕЗАБЫЎНЫ

Самы тужлівы ўспамін ва ўсіх людзей, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, - гэта памерлыя ад той бяды вескі. І я таксама родам з тых краёў, дзе знаходзяцца зараз, пахаваныя пад чорным попелам, вялікія і маленькія весачкі.

 Калі ў 1986годзе на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, я дваццацігадовай дзяўчынай, пасля заканчэння педвучылішча, прыехала працаваць настаўніцай у свой родны Краснапольскі раён. Колькі мар і надзей было ў мяне. Хацелася працаваць на роднай зямлі, вучыць дзетак… Але страшныя наступствы аб аварыі змянілі ўсё. Усіх маіх землякоў ахапіў жах: «Што з намі будзе далей?Як цяпер жыць?» Людзі былі ўстрывожаны і, здаецца, тая трывога перадавалася ад чалавека к чалавеку. Не кожны разумеў, чаму трэба пакідаць родныя мясціны. Хто ці што гэты небяспечны вораг, ад якога трэба уцякаць?

Пачалося масавае высяленне жыхароў. Шмат людзей пакінулі свой бацькоўскі кут, у якім прайшло іх жыццё. Поўнасцю былі выселены такія вёскі, як Высокі Борак, Новая Ельня, Гатавец, Завадок, Мхінічы, Дрыгамілава, Мар'іна Буда і шмат яшчэ якія.

Сапачатку толькі пакінутыя хаты ды розныя гаспадарчыя будынкі нагадвалі выявы вёсак і пужалі сваёй закіданасцю і пустэчай. Але праз некаторы час і яны былі пахаваны. А цяпер ад тых вёсак нічога не засталося. Усё парасло хмызняком, лесам. І толькі могілкі нагадваюць аб тым, што тут некалі былі вёскі. І толькі родныя пахаваных, якія традыцыйна на Радаўніцу прыязджаюць сюды, з хваляваннем  і горыччу аддаюць павагу не толькі тым, хто ляжыць на кладах, але і роднаму  кутку.

 Вёскі, вёсачкі – вялікія і маленькія… Колькі  іх, апаленых Чарнобылем, па ўсёй Беларусі! І праз 30 год успамінаюцца яны і сняцца ў снах.

Самая  вялікая  вёска на маёй малой радзіме, якую пахаваў Чарнобыль, - Мхінічы. Якая яна была…  Хараство,  прыгажосць  навокал. Налічвалася ў ёй каля 400 двароў. Было тры магазіны, бальніца, аптэка, пошта, клуб, бібліятэка, жывёлагадоўчая ферма і красуня школа -  дзесяцігодка… З усіх навакольных вёсак хадзілі туды дзеці.

 А колькі добразычлівых людзей працавала у нашай школе! Гэта Ала Ягораўна Якушэнка і яе муж Васіль Мітрафанавіч, Леанід Панцялеевіч Ісачанка, Катярына Аляксееўна і Мікалай Мікалаевіч Гарбачовы, Іван Іванавіч Валевач, Тамара Уладзіміраўна Калеснікава, Ігар Паўлавіч Няхайба, у якога, здаецца, былі закаханы ўсе дзяўчаты старэйшых класаў…

Дзе яны зараз, гэтыя нашы таленавітыя настаунікі? Усіх іх раскідаў лёс па розных куточках роднай зямлі. Якімі яны сталі, нашы сумленныя і спагадлівыя, сябры? Ці жывыя? Усім ім нізкі паклон і вялікі дзякуй за навуку і дабрыню.

 Зараз ідзеш па былых Мхінічах, і  ў памяці ўсплываюць розныя выявы з тых шчаслівых дзён: і дзе што было пабудована,  і наша прыгажуня – рэчка, што і сёння коціць свае самотныя воды. А некалі  ў ёй было столькі рыбы, нават самы вадзіліся.  Але балюча глядзець на невялікі курган, які застаўся на месцы пахаванай школы.

 Мая ж вёска – Буглаі - не была выселена, засталася. І зараз у ёй жывуць людзі. Але ж толькі 14 двароў  засталося, а 30 гадоў назад  іх было ажно 74. У кожнай хаце гучаў залівісты дзіцячы смех, а наваколле вечарамі поўнілася песнямі жанок і дзяўчат. А цяпер: маладыя ўсе разляцеліся, а старых з кожным годам становіцца ўсё меннш і менш.  Пакінуўшы на зямлі ўсе свае туроботы, многія адправіліся ў свой вечны шлях на нябёсы.

 Мая маці ды яшчэ некалькі старых, у аснаўным, складаюць насельніцтва маёй вёскі. А што будзе з маёй маленькай радзімай праз колькі год? Балюча думаць аб гэтым, але хутчэй за ўсё памрэ і  яна,  як і тыя вёскі, якія засыпаў чорны попел Чарнобыля.

 Кожны год я езджу туды. Праязджаючы  памерлыя вёскі, тыя населеныя пункты, дзе некалі жылі людзі, становіцца горка і сумна, а сэрца сціскае тупы боль. Міжволі  набягае  думка: «Якое б прыгожае было б жыццё на роднай зямлі, калі б не здарылася той бяды».

 Чаму так здарылася і хто вінаваты ў тым, што зруйнаваны не толькі паселішчы, але і лёсы тысяч людзей? Мажліва, гэта Бог паслаў людзям вялікае   пакаранне за тое, што не па – гаспадарску адносіліся і адносяцца да сваёй зямлі.

 Але людзі працягваюць жыць побач, не адцураліся родных мясцін. Бацюшка з суседняй Выдранкі аднавіў святую крынічку, будуе невялічкую царкву. А можа гэта пачатак новага жыцця, можа здарыцца так, што зноў будуць жыць на месцы зруйнаваных вёсак людзі? І зноў, як некалі, на Купалле ў Мхінічах будзе вялікі кірмаш, на які з'едуцца госці з розных куточкаў Беларусі? А вуліцы будуць гаманіць дзіцячымі галасамі?..

                           

Алена КАЗЛОВА, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 г. Круглае


 

Посмотрите также