М. А. Александровіч
Установа адукацыі «Старобінская сярэдняя школа Салігорскага раёна»
ПАРЦЭЛЯВАНЫЯ КАНСТРУКЦЫІ Ў АПАВЯДАННЯХ МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА: СІНТАКСІЧНАЯ ФУНКЦЫЯ І СТРУКТУРА
Уводзіны. У сучасным мовазнаўстве сінтаксічны лад мовы разглядаецца як стрыжнёвая аснова маўлення. Менавіта таму актуальным застаецца вывучэнне экспрэсіўнасці як эстэтычнай катэгорыі, уласцівай сінтаксічнаму ўзроўню, што, у сваю чаргу, дазволіць павысіць эфектыўнасць выкарыстання тэкстаў у мэтах развіцця культуры, навукі і мастацтва, у сацыяльным рэгуляванні паводзін моўнай асобы [1, с. 3].
Асноўная частка. Канструкцыі экспрэсіўнага сінтаксісу, акрамя перадачы пэўнай інфармацыі, маюць дадатковае эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне. Яны садзейнічаюць вобразнасці, своеасаблівай выразнасці мастацкага тэксту. Іх выкарыстанне — прымета індывідуальна-аўтарскага стылю пісьменніка, якая адлюстроўвае суб’ектыўны падыход да рэчаіснасці [2, с. 48].
Сярод фігур экспрэсіўнага сінтаксісу размяшчэння і перастаноўкі даследчыкі вылучаюць парцэляцыю, якая даволі пашырана ў сучаснай беларускай мове. Гэты прыём выкарыстоўвае ў сваіх творах В. Вітка, І. Пташнікаў, І. Шамякін, М. Танк і інш. Асабліва розныя варыятны парцэляваных канструкцый выявіліся ў апавяданнях і мініяцюрах Янкі Брыля, які ўмела выкарыстаў іх у сваіх творах.
У мове сучаснай беларускай мастацкай прозы шырока выкарыстоўваюцца парцэляваныя канструкцыі, сутнасць якіх заключаецца ў такім чляненні сказа, «пры якім змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў дзвюх і больш інтанацыйна-сэнсавых канструкцыях, размешчаных адна за другой з працяглымі паўзамі» [3, с. 57]. Парцэляцыя — гэта «выдзяленне слова ці словазлучэння ў асобную сінтаксічную адзінку; своеасаблівы прыём экспрэсіўнага сінтаксісу літаратурнай мовы ў яе пісьмовай разнавіднасці, які перадае асаблівасці гутарковай мовы, што фарміруецца ў працэсе разгортвання думкі і не з’яўляецца загадзя абдуманай і адпаведна аформленай» [4, с. 138].
Як вядома, парцэляцыя дае магчымасць выдзеліць тую ці іншую частку выказвання, падкрэсліць яе сэнсавую важнасць і тым самым павысіць яе інфармацыйнасць і выразнасць. Частае выкарыстанне парцэляваных канструкцый абумоўлена іх эмацыянальна-экспрэсіўнымі магчымасцямі. Парцэлююцца, як правіла, тыя словы, якія маюць надзвычай важнае значэнне ў тэксце і да якіх аўтар імкнецца прыцягнуць асноўную ўвагу чытача.
Пры парцэляцыі могуць вылучацца, своеасабліва адасабляцца розныя члены сказа. У апавяданнях Міхася Лынькова часцей за ўсё гэта азначэнні, напрыклад: Качагар быў адменны. Малады, здаровы, рукі што тыя качэргі жалезныя, пару наганяў умомант [5, с. 23]; Варушыцца шчэць на хібу на мядзведжавым. Настырбучаная, пагрозлівая [5, с. 36]; Думка аб тым, што прайшло жыццё старое, у пух і прах разляцелася на каменні. На бальшавіцкім [5, с. 46] і інш.
У апавяданнях аўтара знаходзім прыклады парцэляваных азначэнняў:
— дапасаваныя, напрыклад: Аж звон у вушах, пра старую тую ночку, да ночку, да цё-о-мную... Цё-о-мную да глыбокую [5, с. 54]; Былі ўважлівыя вочы ў начальніка лагера, у таварыша Пірына. Уважлівыя і глыбокія [5, с. 59]; У іх галодных вачах мігцяць, пераліваюцца сумныя водбліскі далёкіх зор. Далёкіх і недасяжных [5, с. 95] і інш.;
— недапасаваныя, напрыклад; Часам прыйдзе сюды пан Антось. Худы, танклявы, з празрыстым, жаўтлявым тварам; ён сядзіць маўкліва і час, і другі, усё пазірае на трапяткое марыва, на сінявую смугу над лесам, над полем [5, с. 84]; І як бразнецца часам на нары, ляжыць, не варушыцца, ды камусьці кулаком пагражае. Валахатым, агромністым, з рудай плямаю, з якарам сінім [5, с. 50] і інш.
Як парцэляваныя канструкцыі выступаюць у апавяданнях:
— дапаўненні, напрыклад: Доўга яшчэ гаварылі. Аб дамбе. Аб ударніках. Аб сплаве лесу [5, с. 60]; Так вось заўсёды мы... За дробязь, за глупства — у сварку [5, с. 22]; Ах, гэтыя сабакі, яны такія злыя, панскія сабакі... Вунь брэшуць, аж заліваюцца. Ці то на месяц, ці то на рыпучыя сосны, ці з якой другой прычыны, і калі чуе паначы іх брэх Ядвіся, тады халодны пот праступае на лбе і нібы сотні кіпцюроў драпаюць па яе маленькім сэрцы [5, с. 62] і інш.;
— акалічнасці, напрыклад: І прарве каторага, пранясе. На ўвесь барак, на ўсе нары: «Жысць, называецца... Карціна табе не да рук»[5, с. 35]; І тады ідзе напіцца. Да грымлівага падуна, да ўспененых віроў мядзведжага вадапою. Тропкаю старою, адвечнаю [5, с. 36]; Пасадзілі Андрэя Андрэевіча. За жалезныя краты немудрашчыя, ізалятарскія [5, с. 56] і інш.
Парцэляванымі могуць быць і галоўныя члены сказа. У апавяданнях М. Лынькова часцей за ўсё парцэлююцца выказнікі, напрыклад: Але нягледзячы ні на елкі, ні на палкі зялёныя, не паддавалася жыта кулінарнаму майстэрству Ваські, хоць даўно павыкідваў ён з кацялка падабабкі, насыпаў у жыта недзе скрадзеных чарніц сушаных і ўсё варыў і варыў, да дзесятага поту. Не даварыўшы, панюхаў і, памянуўшы Хрыста з усім сваяцтвам, выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст, спаласнуў кацялок і, зачарэпаўшы ў кагосьці кубак чаю, падступіў да кампаніі, якая вяла шырокую дыскусію пра папоў і ксяндзоў [5, с. 7]; Плывуць воблачкі, карагодзяць, з блакітам зліваюцца, нікнуць і тонуць у пяшчотных хвалях сонечных. Нікнуць і тонуць [5, с. 8]; Многа аб чым ёсць падумаць, і каб прыбіць крыху думкі да сырой зямлі, прыглушыць іх чым-небудзь, Іван знаходзіць сякую-такую працу. З салдацкага мяшка дастае штаны і пачынае старанна прышываць адарваны гузік. Тоўстую шэрую нітку шморгае кавалачкам воску, каб даўжэй быў нітачны век. Закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай, з якой, відаць, не так яму зручна абыходзіцца, як са штыком [5, с. 9]; І аб тых слядах, што ідуць яшчэ да чалавечага сэрца... Ідуць і знікаюць [5, с. 59] і інш.
Парцэляваныя дзейнікі сустракаюцца радзей, напрыклад: Кожны на яго месцы сказаў бы тое ж самае, калі б яго арыштоўвалі ў такі час, калі здарылася такое... Такое [5, с. 139] і інш.
Парцэляваныя канструкцыі аўтар выносіць часта ў асобныя абзацы, напрыклад: Бязмежныя вадзяныя прасторы дыхалі велічавым спакоем, трапяткой серабрыстай люстранасцю зліваліся з далёкім небам, і люстранасць тая гарэла ў нясцерпным асляпляючым бляску.
У сонечным бляску [5, с. 60];
Сядзіць Андрэй Андрэевіч.
Каторы дзень сядзіць [5, с. 56];
І калі чорная ноч ахінула баракі, калі роўны храп распасцёрся пад высокую столь — сон салодкі змарыў спрацаваных каналаармейцаў, — нацягнуў асцярожна чабаты Андрэй Андрэевіч, паклаў у кішэню прыпасены ржавы цвік, выйшаў, крадучыся, з барака і пасунуў, як цень, да сасонніку, да азёрнага берага, дзе склад, дзе капцільня, дзе былы купец астраханскі — ружовая лысіна — Апацей Еўдаксеевіч.
Клею ўкрасці пайшоў [5, с. 53] і інш.
У апавяданнях М. Лынькова ўжываюцца разнастайныя структурныя тыпы парцэляваных канструкцый:
— аднаслоўныя, напрыклад: Думка аб тым, што прайшло жыццё старое, у пух і прах разляцелася на каменні. На бальшавіцкім [5, с. 46]; Вуркаганы правілі бал. Весяліліся [5, с. 38] і інш;
— мнагаслоўныя, напрыклад: Стукнула яго крыху білам, ды ў самую тую нагу кульгавую. Стукнула і адкінула [5, с. 25]; Польскі салдат стаяў у хаце і крычаў. Крычаў з усяе сілы [5, с. 72]; Вось толькі забрэшуць гэтыя панскія сабакі паначы, і ўстае перад ёю дзед, як жывы. Высокі, з рэдкай барадой, з выцвілымі вачмі [5, с. 65] і інш.;
— адзіночныя, напрыклад: А калі ўчуў пранозлівы свіст і роў — то гула невядомая яму параходная сірэна, — уцяў голаў у плечы і прыспешаным крокам пайшоў, азіраючыся, напяўшы слых і зрок, назад, у глухамань, у карчэўе, у вываратні лесавыя, у дзікія нетры бураломаў. Шукаць месца пакойнага, соннага лежава мядзведжаму веку [5, с. 37]; Сонца ў вокны свяціла, рассыпалася зайчыкамі па галасах, па бліскучаму лаку, па срэбных вугольніках. Ды трапіла ў вочы да Андрэя Андрэевіча, заіскрылася агеньчыкамі гарэзнымі, ліхаманкавымі [5, с. 48]; Яго шнур... Пракляты шнур, які прыйшлося замяніць другім, карацейшым [5, с. 97] і інш.;
— ступенчатыя, напрыклад: Доўга яшчэ гаварылі. Аб дамбе. Аб ударніках. Аб сплаве лесу [5, с. 60]; Слых напружаны ў Андрэя Андрэевіча. Ловіць кожны ўздых, кожнае слова. Пра пальчыкі залатыя ўчуў, пра васпітанію, памянуў Багародзіцу. А калі дачуўся да сівалапых, узняўся, як мядзведзь, гарой зрушыўся з нар і, агромністы, цельпукаваты, загрымеў у вячэрнім змроку [5, с. 50]; Чалавек сядзеў за сталом, лахматы, нахохлены. Раз-поразу праводзіў па твары, па ўскудлачаных валасах шырокай далоняй, нібы зганяючы з твару дрымотную цеплыню, што хіліла да сну, да спачыну. Прыслухоўваўся да паравозных гудкоў, і тады на хвіліну якую выпростваўся ссутулены стан, святлеў позірк вачэй — рабіўся цвёрдым, калючым [5, с. 59] і інш.
З дапамогай ступенчатай парцэляцыі дасягаецца найбольшы эфект экспрэсіўнага выдзялення кожнай з наступных частак сінтаксічных канструкцый. Кожны кампанент парцэляцыі атрымлівае мастацка-вобразнае тлумачэнне, бо выклікае багатыя асацыяцыі, акрамя таго чытач звяртае ўвагу на найбольш важныя рысы прадмета, з’явы, працэсу, на якія імкнуўся звярнуць увагу аўтар, напрыклад: І тады ідзе напіцца. Да грымлівага падуна, да ўспененых віроў мядзведжага вадапою. Тропкаю старою, адвечнаю [5, с. 36]; За вочы быў Мядзведзь. У вочы — Андрэй Андрэевіч. Атаман, бацька, папаня [5, с. 35] і інш.
Заключэнне. У сістэме моўных сродкаў, якімі карыстаецца М. Лынькоў, парцэляцыя займае важнае месца, пісьменнік адкрыў у парцэляцыі адну з магчымасцей перадаць у пісьмовай форме гутарковую мову, яе дынаміку, інтанацыю.
Мова твораў М. Лынькова непаўторная і асаблівая. У ёй схавана прыгажосць і дакладнасць, прастата і шырыня ахопу прадметаў і з’яў акаляючай рэчаіснасці, перадачы самых тонкіх адценняў чалавечых пачуццяў. Творы аўтара напоўнены пачуццём любові да роднага краю, да людзей, абуджаюць думкі аб высокім прызначэнні чалавека. У мове твораў пісьменніка хаваецца яшчэ шмат нязведанага, шмат таямніц, якія адкрыюцца толькі церпяліваму, уважліваму чытачу.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Шандроха, Н. Э. Экспрэсіўны сінтаксіс: Вучэбна–метадычны дапам. / Н. Э. Шандроха. — Ш20 Гродна: ГрДУ, 2002. — 62 с.
2. Савіцкая, І. Парцэляваныя канструкцыі як адзінкі экспрэсіўнага сінтаксісу / І. Савіцкая // Роднае слова : Штомесячны навуковы i метадычны часопiс. — 2011. — № 1. — С. 48-50.
3. Лапаў, Б. С. Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Б. С. Лапаў, М. Г. Булахаў. — Мінскн.: Дзяржаўнае вучэбна–педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1959. — 357 с.
4. Юрэвіч, А. К. Стылістыка беларускай мовы: [вучэб. дапаможнік для студэнтаў–завочнікаў філал. фак. пед. ін-таў] / А. К Юрэвіч. — Мінск.: Выш. школа, 1983. — 288 с.
5. Лынькоў, М. Ц. Над Бугам : выбранае / М. Ц. Лынькоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. — 446 с.
© ООО «Знанио»
С вами с 2009 года.