ТЭМА: “Я I МАЯ СЯМ´Я”
Абсталяванне залы: плакаты з прымаўкамi: «Няма лепшай хаткi, як у роднай маткi», «Татава хата ўсiм багата», «Дарагая тая хатка, дзе радзiла мяне матка»; на сцяне прымацавана карта Добрасямейска i малюнкi домiкаў вучняў класа; загадзя падрыхтаваныя малюнкi дрэў; карткi з надпiсамi «дом», «вулiца», «горад», «раён», «вобласць», «краiна», «планета»; жоўты круг i палоскi з прыказкамi для гульнi «Сонейка».
(Гучыць першы куплет песнi «У бацькоўскiм кутку», словы Н.Гiлевiча, музыка Ι.Лучанка.)
1 -чытальнiк
Як соладка спiцца
У матчынай хаце.
Тут месяц глядзiцца,
Тут зоркi раяцца.
Ι лекi не трэба,
Калi слабаваты.
Ёсць роднае неба,
Ёсць родная хата.
Тут – шляху пачатак
Ι сiлы крынiца,
Бацькоўская хата –
Радзiмы зямлiца…
Вядучы. Навошта чалавеку патрэбен дом? Што абазначае выраз «утульнасць i цеплынянашага дома»?
Вядучы. Ι сапраўды, дом патрэбен кожнаму чалавеку. Сцены i дах ахоўваюць нас ад дажджу, ветру, снегу, марозу, спякоты. А вокны ўпускаюць дзённае святло, праменьчыкi сонейка. Дом – гэта не толькi асобная кватэра, але i пад'езд, двор, вулiца. Каб сям'i жылося ўтульна, неабходна клапацiцца пра iх.Усiм прыемна, калi ў доме чыста. Толькi нявыхаваныя людзi могуць кiдаць смецце дзе папала. У мяне ёсць упэненасць, што кожны з вас любiць свой дом i стараецца берагчы яго. Паглядзiце, якiя светлыя i чыстыя, прыгожыя i ўтульныя нашы дамы.
2-чытальнiк.
Хата – быццам напаказ:
Ёсць у ёй вада i газ.
Электрычнасць. Печ гарой.
Хто жыць будзе ў хаце той?
Працавiтая сям'я:
Тата, мама, брат i я.
3-чытальнiк.
Не палохаюць завеi
У зiмовы час:
Добра грэюць батарэi,
Ёсць святло i газ.
Ι па лесвiцы не трэба
Тэпаць – сходак шмат:
Лiфт за так падыме ў неба,
Лiфт звязе назад.
Вядучы. Чысты, прыгожы дом важны не толькi сам па сабе. З чыстых дамоў складаецца такая ж чыстая вулiца.
Як вы думаеце, што атрымаецца з чыстых вулiц? Так, чысты горад.
(Утвараецца ланцужок: ДОМ-ВУЛΙЦА-ГОРАД-РАЁН-ВОБЛАСЦЬ-КРАΙНА-ПЛАНЕТА)
Вядучы. Бачыце, ад кожнага з нас залежыць чысцiня цэлай планеты. Ι мiр на планеце залежыць ад мiру ў нашых дамах.
4- чытальнiк.
Дзед, бабуля,
Тата, мама,
Брат з сястрой,
Таксама я.
Мы – вялiкая …(сям'я).
Вядучы. Колькi чалавек у сям'i, пра якую гаворыцца ў загадцы?
Сем'i бываюць розныя: вялiкiя i малыя. Калi ў сям'i ёсць мама, тата i адно дзiця – гэта малая сям'я. А хто можа ўваходзiць у склад вялiкай сям'i?
Далей праводзiцца гульня «Хто каму хто?»
Дзецi задаюць пытаннi бацькам i гасцям, а бацькi – дзецям.
Пытаннi для дзяцей?
1. Мама таты.(бабуля)
2. Тата мамы(дзядуля)
3. Дзяўчынка для бацькоў (дачка)
4. Хлопчык для бацькоў (сын)
5. Дзяўчынка для бабулi (унучка)
6. Дзяўчынка для дзядулi (унучка)
7. Хлопчык для бабулi (унук)
8. Хлопчык для дзядулi (унук)
9. Муж мамы (тата)
10. Жонка таты (мама)
11. Сястра таты (цёця)
12. Брат мамы (дзядуля)
Пытаннi для бацькоў:
1. Сястра мужа (залоўка)
2. Брат мужа (дзевер)
3. Брат жонкi (швагер)
4. Жонка сына (нявестка)
5. Жонка брата (братавая)
6. Муж дачкi (зяць)
7. Мацi жонкi (цешча)
8. Мацi мужа (свякроў)
9. Бацька жонкi (цесць)
10. Бацька мужа (свёкар)
11. Сястра сына (дачка)
12. Сын дачкi (унук)
Вядучы. Калi вы ўсiх членаў сям'i так добра ведаеце, наступнае пытанне будзе больш складаным: «Таты мамiнага брата сястры бабулечкi свякроў». Хто гэта? Пра такiя сваяцкiя сувязi кажуць «дзесятая вада на кiсялi». Вызначыць роднасць тут немагчыма, гэта проста скорагаворка. Паспрабуйце яе ўспомнiць i паўтарыць.
5-чытальнiк.
Як дорага мне, мая родная мова!
Мiлагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калiсьцi мяне падымала
Ι вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыццi маiм слова найпершае «мама»
Ι цяпер для мяне сама мiла гучыць.
6-чытальнiк.
Мама – слова ласкавае.
Мама – слова яскравае.
Мама – слова вечнае.
Мама – слова сардэчнае.
Вядучы. Мы i не заўважылi, як трапiлi ў цудоўны горад Добрасямейск, на галоўнай вулiцы якога знаходзiцца гандлёвы цэнтр «Мамiны мары». Сустрэць тут можна ўсiх мам. Як вы лiчыце, што яны купляюць у гэтым магазiне? Давайце запалiм для нашых мам сонейка, каб стала iм святлей i весялей.
(На дошцы з'яўляецца круг жоўтага колеру са словам «МАМА». Вядучы запрашае ўдзельнiкаў прымацаваць да яго праменьчыкi з прыказкамi на ўказаную тэму. Дзецi бяруць па аднаму праменьчыку, зачытваюць прыказку i, калi яна падыходзiць, прымацоўваюць да сонейка.)
Прыказкi:
Зямелька – мацi, а праца – бацька.
Кожнаму сваё дзiця мiла.
У маёй маткi ўсе дзеткi добрыя.
Усякая матка хвалiць сваё дзiцятка.
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
Без маткi i сонца не грэе.
Матчыны рукi заўсёды мяккiя.
Родную мацi нiкiм не заменiш.
Другой маткi не знойдзеш.
Якая матка, такое й дзiцятка.
Птушка рада вясне, а дзiця мацi.
Вядучы. Днём ярка свецiць сонейка, а калi наступае ноч, на небе запальваюцца зоркi i мамы спяваюць сваiм дзецям калыханкi.
МАМА.
Запалiла ночка
Зорныя агнi.
Спi, мая дачушка,
Любая, заснi.
Над тваёй калыскай
Буду я спяваць,
Пра ката i мышку
Казачку казаць.
Пад акенцам кветачка
Дзiўная цвiце.
Мая крошка-дзетачка
З дня на дзень расце.
Вунь высока зорачка
Золатам блiшчыць,
А мая дачушка
Щтосьцi ўсё не спiць.
З-за хмурынкi месячык
Беленькi iдзе,
За сабою зорачак
Карагод вядзе.
Песня для мам.
7-чытальнiк.
Тваёй душы красу,
Матуля дарагая,
Я па зямлi нясу,
Яе аберагаю.
Не заўважаў i сам,
Матулька дарагая:
Тваёй душы краса
Мяне аберагае.
Вядучы. Паглядзiце, мы апынулiся на станцыi метро «Плошча татавай незалежнасцi».Для iх, для нашых дарагiх тат, вучнi нашага класа праспяваюць вясёлыя прыпеўкi.
Вядучы. У горадзе Добрасямейску размясцiўся мiкрараён «Дзядулiна», а побач з iм – i Бабулiн завулак. Давайце заглянем туды.
8- чытальнiк.
Да матулькi мамiнай
Ι матулькi татавай
Стаўлюся з любоўю.
Ι матульцы мамiнай
Ι матульцы татавай
Зычу я здароўя.
Ι матульку мамiну,
Ι матульку татаву
Буду шанавацi.
Мне матулька мамiна
Ι матулька татава
Родныя, як мацi.
Танец-iмправiзацыя на музыку Р.Паулса “Залатое вяселле».
Вядучы. Нездарма на нашай карце знаходзiцца кандытарская фабрыка «Дзiцячыя фантазii». Запрашаем адпачыць.
Гэты пальчык – мамачка,
Гэты пальчык – татачка,
Гэты пальчык – бабуля,
Гэты пальчык - дзядуля,
А вось гэты пальчык – я.
Тут уся мая сям'я.
Вядучы. Успомнiлi мы сення многiх членаў сям'i, але не ўсiх. Пра каго не гаварылi? Пра маму вашага дзядулi, тату вашай бабулi, маму вашай прабабулi. Хто яны для вас? Як можна назваць iх адным словам? Так, гэта вашы продкi, альбо ваш род. Кожны чалавек павiнен ведаць i памятаць сваiх продкаў. Аб гэтым расказвае i казка В. Сухамлiнскага «Казка пра чалавека i страказу».
Інсцэнiроўка.
Вядучы. Чалавек толькi тады можа звацца чалавекам, калi ён памятае сваiх продкаў. І зараз кожная сям'я, якая прысутнiчае на нашым свеце, прыгадае сваiх продкаў i складзе сваё радавое дрэва. І зазелянеюць вулiцы нашага горада Добрасямейска. Кожная сям'я атрымае зараз выяву дрэва, якую трэба будзе запоўнiць. Каранi дрэва – гэта вашы бабулi i дзядулi. Спачатку запiшыце татавых бацькоў, затым – мамiных. Ствол – гэта вашы тата i мама, запiшыце iх поўныя iмёны iх бацькоў.
Галiнкi дрэва – гэта дзецi, а значыць, вы. Запiшыце вашы iмёны, iмёны вашых братоў, сясцёр на галiнках дрэва.
На атрыманым радаводзе змесцiцца не ўвесь ваш род, а толькi частка, самыя блiзкiя вам людзi. Беражыце iх, як i яны берагуць вас.
(Вучнi разам з бацькамi запаўняюць радавыя дрэвы, прымацоўваюць выявы каля домiкаў вучняў, расказваюць аб сваiх продках.)
Свята заканчваецца песняй «Родны горад»
Материалы на данной страницы взяты из открытых источников либо размещены пользователем в соответствии с договором-офертой сайта. Вы можете сообщить о нарушении.