Государственное учреждение «Круглянский районный центр творчества детей и молодежи «Радуга» |
Аўтар-складальнік:
Кубека Тацяна Мікалаеўна,
педагог-арганізатар, вышэйшая катэгорыя
Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі
«Круглянскі райённы цэнтр творчасці
дзяцей і моладзі «Вясёлка»
г. Круглае вул. Паркавая,28
+375295120462
Праграма
масленічнага тыдня і
сцэнарыі мерапрыемстваў
Анатацыя
Задача дарослых – напоўніць жыццё дзіцяці яркімі і запамінальнымі падзеямі. У сям'і пра гэта павінны паклапаціцца бацькі, у адукацыйных установах – педагогі. Дадзеная распрацоўка прызначана тым, для каго справа выхавання – прызванне і прафесія, хто шукае спосабы разнастаіць вольны час вучняў.
Распрацоўка масленічнага тыдня нацэлена на вывучэнне і адраджэнне народных традыцый, вывучэнне гістарычных каранёў свята, знаёмства з вуснай народнай творчасцю, абрадавымі дзеяннямі, народнымі гульнямі і забавамі, развіццё дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Масленіца-адзін з самых радасных святаў, якія адзначаюцца ў Беларусі, вядома, цяпер цяжка выканаць усе звычаі і абрады, бо масленічны тыдзень у нас-звычайны працоўны тыдзень. Але даведацца пра іх будзе цікава як вучням, так і педагогам.
Па ўзроставым складзе распрацоўка мерапрыемства "Масленіца" рэкамендавана для вучняў 1 – 9 класаў.
Разработка будзе цікавай для настаўнікаў, педагогаў – арганізатараў, вучняў.
Ключавыя словы: МАСЛЕНІЦА, ГІСТОРЫЯ СВЯТКАВАННЯ, РЫТУАЛЬНА – АБРАДАВЫЯ ПРАДМЕТЫ, АБРАД, ВАЛАЧОБНІКІ, ДНІ МАСЛЕНІЦЫ І ІХ ЗНАЧЭННЕ.
Мэта:
· пазнаёміць вучняў з аб’яднанняў з масленічным тыднем;
· прыцягнуць да ўдзелу ў свяце ўсіх членаў калектыву;
· стварыць атмасферу святочнасці, весялості і свавольства ў рамках абрада.
Арганізатары: вучні; педагог – арганізатар.
Тэрмін правядзення: апошні тыдзень напярэдадні сямітыднёвага, перадвелікоднага паста.
ПРАГРАМА
МАСЛЕНІЧНАГА ТЫДНЯ
“ШЫРОКАЯ МАСЛЕНІЦА”
Час правядзен- ня |
Змест |
Першы дзень
Сустрэча
|
1. Выраб чучала Масленіцы 2. Афармленне тэматычнага стэнда 3. Афармленне выніковай выставы свята Масленіца |
Другі дзень
Зайгрыш
|
1. Спартыўныя гульні на вуліцы
2. “Шчодрая Масленіца” (гульня- конкурс) |
Трэці дзень / Чецвёрты дзень Ласуха / Разгул |
1. “Шырокі чацвер. Разгул” (спартыўнае свята ў памяшканні) 2. Святочнае частаванне блінамі
|
Пяты дзень
Цешчыны вячоркі
|
1. Тэатралізаваная пастаноўка валачобнага абраду “Калодка” на сцэне 2. Конкурс малюнкаў
|
Шосты дзень Залоўкіны пасядзелкі |
1. Абрадава-святочнае шэсце “Калодка” |
Сёмы дзень
Провады |
1. Прэзентацыя выніковай выставы свята Масленіца 2. Спальванне чучала Масленіцы 3. Падвядзенне вынікаў Узнагароджванне пераможцаў
|
ШЧОДРАЯ МАСЛЕНІЦА
(гульня-конкурс)
Мэта:
· пазнаёміць вучняў з аб’яднанняў па інтэрэсах з асноўнымі асаблівасцямі свята;
· стварыць атмасферу святочнасці, весялосці, свабоды дзеянняў у рамках умоў гульні;
· стварыць умовы для фарміравання пачуцця павагі да мінула нашых продкаў.
Абсталяванне:
· сцэнарый;
· чучала Масленіцы (блін, патэльня);
· тэматычны стэнд;
· папера, алоўкі.
Ход гульні
У залу уваходзяць маскі-персанажы свята (цыганы, цыганкі, “баба”, “дзяды”, хлопцы і дзяўчаты. Нарабіўшы шуму, грукату па чарзе пачынаюць спяваць:
1-я маска. У нас сёння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Сядзела на таку, на калу,
Кідала масла па каму,
А хто ўхопіць — дык таму.
2- я маска.Маладая дзяўчынка схапіла
Ды ў чарапочку стапіла.
3- я маска. А мы Масленіцу дажыдалі.
I ў акенца паглядалі,
Гару сырам набівалі,
Сверху маслам палівалі.
4- я маска. А ад сыра — гара сыра,
А ад масла — гара ясна.
Пудзіла Масленіцы маскіраваныя ставяць у куце. Знаёмяць дзяцей са зместам тэматычнага стэнда, а потым запрашаюць дзяцей пагуляць і праверыць, хто ж з іх самы ўважлівы.
1. Абрад пераапранання. Зрабі і апрані Масленіцу:
спадніца
солома
боты
лапці
фартух
венік
блін
спадніца
сарочка
жордка (шост)
2. Гісторыя святкавання. Ў якой паслядоўнасці нашы продкі Святкавалі Масленіцу?
Зайгрыш Сустрэча
Разгул Цешчыны вячоркі
Залоўкіны пасядзелкі Провады
Лакамка Прашчоная нядзеля
3. Абрадавы фальклор. Растлумач, навошта нашы продкі так рабілі ў час святкавання Масленіцы?
На арэлях гайдаліся, каб ……………………. .
На конях каталіся, каб ……………………… .
4. Рытуальна-абрадавыя дзеянні. Адкажыце, у які дзень тыдня нашы продкі выконвалі ўсе гэтыя магічныя дзеянні?
У гэты дзень з саломы рабілі чучала зімы. Зверху абкручвалі яго белым палатном, на якім малявалі твар вуглём: вялізныя вочы, зубы, нос, імкнучыся, каб ён атрымаўся як мага страшнейшым. На чучала апраналі старое жаночае адзенне, на галаву клалі блін, у адну руку давалі скавароду, а ў другую мятлу. Масленіцу ставілі на ледзяную гару і пачыналіся гульні.
5. Рытуальная ежа. Намалюй то, што павінна быць на масленічным столе. Конкурс малюнкаў адбудзецца ў пятніцу. Запрашаем Вас на Цешчыны вячорк!
В я д у ч ы. А зараз мы ўсе пойдзем на вуліцу, дзе працягнем наша свята.
5-я маска. Ідзі, зіма, да крыніцы
Ды забірай рукавіцы.
6-я маска.У нас сёння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,
Села на страсе,
Кідала масла пакрысе.
Пудзіла Масленіцы спачатку возяць на санках вакол Цэнтра, потым ставяць на гару. Дзеці гуляюць у гульні «Два Маразы», «Перацяжкі», водзяць карагоды. Кідаюцца снежкамі, гушкаюцца на арэлях (каб лён вырас доўгі і моцны), коўзаюцца на ледзяных дарожках, катаюцца на санках з горы.
ШЫРОКІ ЧАЦВЕР. РАЗГУЛ
(спартыўнае свята)
Мэта:
· пазнаёміць вучняў з асноўнымі асаблівасцямі свята;
· стварыць атмасферу добрага, разумнага спаборніцтва;
· стварыць умовы для фарміравання пачуцця гонару за культурны патэнцыял свайго народа.
Абсталяванне:
· бліны;
· спартыўны інвентар;
· старое жаночае адзенне;
· крэйда;
· патэльні;
· піла;
· браўно.
Першы дзень Масленіцы ― СУСТРЭЧА
1. Апрананне Масленiцы. Хто хутчэй
Свята Масленiцы пачыналася з прыгатавання i апранання карнавальных касцюмау. Вельмi распаўсюджаным рытуалам быў рытуал пераапранання мужчын у жанчын i наадварот.
Паводле верванняў беларусаў, пераапрананне мужчын у жанчын, а жанчын у мужчын у час свята спрыяла пладавiтасцi жывёлы i ўраджайнасцi зямлi.
Другi дзень – ЗАЙГРЫШ
2. Коўзанне на санках з гары. Скачкі ў дліну з месца
Гэты дзень багаты рознымi гульнямi. Самая любiмая гульня – катанне на санках, на конях. Катаючыся з гор, прыгаворвалі: “На доўгую пяньку, на доўгі лён”.
3. Цяганне калодкі. Эстафета з мячом
Пераапранутыя дзўчаты i хлопцы (валачобнiкi) валачылiся па хатах, дзе жылi нежанатыя хлопцы i на шыю вешалi калоду, якую ён павiнен быў цягаць на шыi да канца масленічнага тыдня, так як самы галоўны клопат абшчыны вёскi быў клопат пра працяг роду. Пладавiтасць жанчыны, шматдзетнасць вякамi разглядалася ў народзе як дабрачыннасць i божы дар, а бяздзетнасць, бясшлюбнасць – як няшчасце, як грэх, як пакаранне божае. Нежаданне цi няўменне ўступiць у шлюб рашуча асуджалася – вось i вешалi калоду (сорам).
4. Гульня са ступай (абрад пакарання). Сабраць прадметы (з закрытымi вачыма).
Такое ж самае пакаранне чакала i дзяўчыну, якая не хацела iсцi замуж.
– Што гэта?
– Ступа!
– Навошта яна?
– Сбiваць масла да Масленiцы.
У даўнiя часы хлопцы знайшлi ёй другое прымяненне: абвязвалi вяроўкай нiжнюю частку ступы i цягнулi ў хату, дзе была незамужняя дзяўчына, заходзiлi з жартамі, смехам, хапалi рэчы дзяўчыны (хустку, грэбень, калечка), потым увечары iшлi ў карчму.Туды прыходзiлi дзяўчаты, каб потым выкупляць свае рэчы за пацалунак.
Трэці дзень - ЛАКАМКА
5. Абрадавая ежа. Хто хутчэй перанясе ўсе прадметы
Галоўнай ежай на Масленiцу былi блiны з маслам. На патэльнi трэба перанесцi ўсе блiны.
Чацвер – РАЗГУЛ, ПЕРАЛОМ
6. Снежны гарадок. Кіданне мяча ў цэль
Любiмым заняткам моладзi ў гэты дзень – гэта ўзяцце крэпасцi. Са снега рабiлi крэпасць i потым две суседнiя вёскi пачыналi гульню – штурм снежнага гарадка.
7. Абрад адпілоўкі Долі. Конкурс капiтанаў
Адпiлiць сваю Долю (калодку).
8. Перацягванне каната
Нядзеля – ПРОВАДЫ
9. Провады Масленiцы. Эстафетный конкурс ( перанесці дзяўчынак на руках ў пары)
Праважаючы Масленiцу на касцёр, трэба было пасадзiць яе на санi разам з самай прыгожай жанчынай (дзяўчынай) i абвезцi вакол хаты на санях.
Падвядзенне вынікаў. У якасці ўзнагароды пераможцаў частуюць блінамі.
А МЫ З МАСЛЕНКАЙ РАЗГУЛЯЛІСЬ …
(тэатралізаваная пастаноўка валачобнага абраду “Калодка” на сцэне)
Мэта:
· пазнаёміць вучняў з аб’яднанняў з асаблівасцямі святкавання масленічнага тыдня;
· развіваць увагу і кемлівасць;
· стварыць умовы для асэнсавання сваёй значнасці ў свяце.
Абсталяванне:
· сцэна прыбрана ў выглядзе сялянскай хаты (у куце абразы, стол, абрус, самавар, лаўка, свяча, рушнікі, печ і інш);
· тэматычны стэнд;
· музычнае суправаджэнне.
Атрыбутыка:
· абрадавя ежа;
· рытуальна-абрадавыя прадметы (калодка, музычныя інструменты)
Вядучы 1. Добры дзень, людзi дарагiя. I зноў мы з вамi вiтаем жаданую госцю Масленiцу.
Вядучы 2:
Шырока Масленiца да нас прыйшла.
Прыйшла з вяселлем i з радасцю,
З усялякай здобай,
З пiрагамi ды аладкамi.
Ды з блiнамi гарачымi,
З пiвам ды ячменным,
З мёдом цягучым.
Шырокая Масленiца,
Щодрая Масленiца.
Вядучы 1:
Мы Масленiцай хвалiмся,
На горках катаемся,
Блiнамi аб’ядаемся.
Вядучы 2:
Масленiца, Масленiца,
Блiнам смажнiца.
Прыходзь раненька, сустрэнем цябе добранька.
Сырам, маслам i блiном.
Вельмi смачным пiрагом.
Вядучы 1. Давайце ўсе разам паклiчым нашу Масленiцу.
Усе зазываюць Масленiцу.У залу валачобнікі заносяць пудзіла Масленіцы.
Вядучы 2:
Добры дзень, Масленiца гадавая,
Наша госцейка дарагая.
Мы Масленiцу сустракаем,
Сырам гору набiваем,
Маслам гору налiваем,
Масленка, масленка,
Бывай, зiма красненька!
Вядучы 1. Першы дзень Масленiцы так i называлi – «Сустрэча». У
гэты дзень з саломы рабiлi пудзiла Масленiцы, апраналi на яго старае жаночае адзенне, насаджвалi на шост i з песнямi вазiлi на санках па весцы. Затым ставiлi яе на гару, дзе пачыналася катанне на санках.
Гаспадар. Вось i другi дзень Масленiцы надыйшоў «Зайгрыш».
Гаспадыня. Напэўна, да нас завiтаюць валачобнiкi, бо нiяк мы не можам ажанiць нашага меншага сына.
Гаспадар. Да! У мяне трое сыноў. Першы – разумны, другi i так i сяк. А вось трэцi – дык i зусiм дурак! Днямi качаецца то на печы, то на лаўцы. У-у, дзяцiна якi вымахаў, а розуму няма! Лаўка ўжо скора праломiцца.
Бярэ за край лаўкi i хоча скiнуць. Але пыхцiць. Тады падыходзiць i б’е ў каршэнь.
Гаспадыня. Трэба было бiць, калi папярок лаукi ляжаў, а цяпер ужо не чапай.
Васiль. Татка, адчапiся! Дай крышачку адпачыць, стамiўся лежачы на печы!
Гаспадар. Паслухай, Васiль, мы з мацi паедзем у госцi да нашых родных у суседнюю вёску. На Масленiцу трэба абавязкова на конях катацца, каб ураджай быў добры. Старыя людзi казалi: «Хто на масленiцу на санях катаецца – у таго засекi зярна будуць поўныя».
Гаспадыня. Ты б можа, сынок, тожа схадзiў на санках пакоўзаўся з дзяўчатамi, цi на арэлях пагайдаўся. Кажуць старыя людзi: «Хто на Масленiцу вышэй на арэлях гайдаецца – у таго вышэй будзе жыта i лен».
Васiль. Мацi, адчапiся! Ты ж бачыла, якi я прыгожы. Калi я пайду, дык абавязкова якая – небудзь дзеўка прычэпiцца. А-ну iх!
Гаспадыня. Як сабе хочаш!
Гаспадары выходзяць з хаты. Васiль лажыцца на лаўку. На вулiцы чуваць галасы валачобнiкаў. Яны спяваюць ля акна. Васiль ускоквае, пачынае разгублена кiдацца па хаце. Валачобнiкi стукаюць у дзверы, уваходзяць. З iмi каваль у скураным фартусе, у руцэ малаток, цэп. Другi хлапец цягне калоду драўляную. Васiль хаваецца пад стол.
Васiль (у залу). Куды мне схавацца. На печ. Вой, якая гарачая! Куды мне схавацца! Пад стол!
Валачобнiкi (пяюць). Ляцелi гускi радам, радам,
Крыкнулi гускi разам, разам:
I чаму, лясочак, не адзяешся,
I чаму, Васiлька, не жэнiшся?
Васiль. – Як жа я магу жанiцца,
Як жа я магу жанiцца:
I дзевачка мала, не вырасла,
Дзевачка мала, не вырасла.
I гуляць на вулку не выхадзiла,
Гуляць на вулку не выхадзiла,
I русае коскi не выплятала,
Русае коскi не выплятала.
Валачобнiк 1. Добры вечар вам! Васіль, ты дзе? Дзе ж ён (у залу)? Пад сталом. А злыдня! Хаваецца! Здароў, Васiль! Ужо каторая Масленiца на двары, як ты дарослым стаў, а ўсе не жэнiшся. Вырашылi мы табе за гэта калодку на шыю павесiць, цi можа выкуп на стол будзеш ставiць?
Васiль. Ой, людцы добрыя, не трэба калодку! Сядайце лепш за стол, ды частуйцеся як мае быць.
Валачобнiкi рассажваюцца за стол, а Васiль мітусiцца вакол, накрываючы яго.
Валачобнiк 2. Вось табе на! А казаў жа, Васiль, што добра пачастуеш! Цi ж гэта пачастунак на шчодрую Масленiцу? Гуркi ды капуста посная? Не, пэўна прыдзецца цябе ўсе ж закаваць, каб разумнейшы быў, каб наступную Масленiцу з гаспадыняй сустракаў ( блiнам, сырам, маслам).
Валачобнiк 3. Хапай яго, хлопцы!
Валачобнiк 4. I вось табе, Васiль, наш наказ: да наступнай Масленiцы каб ажанiўся. А на гэту Масленiцу без калоды каб не выходзiў, а то паб’ём. Пайшлi, хлопцы, на арэлях гайдацца.
Васiль. А што мне рабiць, людцы добрыя (у залу)? Трэба i мне iсцi нявесту шукаць; не усё ж жыццё з гэтай калодай цягацца.
Вядучы 2. Вось якое пакаранне ў старыя часы чакала тых, хто своечасова не жанiўся. Вёска сама рэгулявала стварэнне сям’i. I сапраўды другi дзень Масленiцы - «зайгрыш» багаты на розныя гульнi. Каталiся на санях, на санках з гары, гайдалiся на арэлях, каб быў багаты ўраджай. Абавязкова хадзiлi валачобнiкi, якiя выраблялi сабе карнавальныя касцюмы i музычныя iнструменты. Звон гэтых iнструментаў павiнен быў напужаць Зюзю – старога дзед мароза, каб на смену яму прыйшла вясна (Лада).
Валачобнiкi. Валачобнiкi напужайце зiму!
Валачобнiкi кiдаюцца на дзяцей: бадаюць, штурхаюць, крычаць, звiняць, шумяць.
Гаспадар. Ну i добра ж мы пакаталiся сёння. Людзей паглядзелi, сябе паказалi.
Гаспадыня. Цяпер у нас будзе ўраджай на славу!
Гаспадар. Зараз з марозу няблага б было i за стол сесцi. Сёння трэцi дзень Масленiцы «Ласуха».
Вядучы 1. Серада – ласуха адкрывала пачастункi ва ўсiх дамах блiнамi i другiмi стравамi. Паглядзiце, што абавязкова павiнна быць на стале.
Гаспадыня. Бліны, аладкі, масла, сыр, творог, смятана, малако, печыва, мёд, квас, збіцень (напой з вады, мёда і рэзкіх затавак).
Гаспадар(у залу). А дзе ж наш, Васiль?
Гаспадня. Вiдаць валачобнiкi прыходзiлi!
Вяд. А тым часам гiсторыя пра старэйшых братоў…
Сялянская хаца. На лаўцы ля стала сядзіць жонка Сідоркі. Заходзіць жонка Фядоса.
Марыля. Здароў была, Зоська...
Зоська. Добрага здароўя, сваячніца ...
Марыля. Зосечка, што скажу... Вушам не паверыш. Я б таксама не паверыла, каб сваімі вачыма не убачыла.
Зоська. Кажы, што здарылася...
Марыля. Слухай, зрабіла гэта я сырок, як заужды. Ды такі жоуценькі, смачненькі. Ты ж ведаеш, што ў мяне сыр лепш чым у каго атрымліваецца.
Зоська. Пра гэта ўжо ўся веска ведае.
Марыля. Ну дык вось, зрабіла гэта я сыр, думаю, можа хто ў госці завітае, пачаставаць трэба будзе. Паклала я яго на талерку і вынесла ў сенцы. Думаю, хай пастаіць у халадку. Выходжу гэта я праз некаторы час з хаты, а там... у сенцах...
Зоська. Што, што... сыр на талерцы...
Марыля. Вось, вось талерка... без сыра, а яго нібыта кошка языком злізала.
Зоська. Дык можа і злізала.
Марыля. Справа ў тым, што ў мяне няма кошкі ... Слухай, гэта няйначай дамавы паласаваўся... Мне маці казала, быццам любяць яны на Масленіцу пачаставацца. Дык відаць да спадобы сырок прыйшоўся, ні кроплі не засталося.
Зоська. А я думала, толькі ў мяне цуды здараюцца. Слухай, што ў мяне нарабілася. Напякла я бліноў, ды і нясу ў гумно... Старыя людзі казалі, каб скаціна ладная ды здаровая была, трэба гуменніка пачаставаць. (Гэта як дамавы, толью у гумне.) Забабоны, канечне, але ж занясла і я. Слухай, Марыля, талерка таксама чыстая, як хто языком аблізаў... Палюбіліся, відаць, мае бліны гуменніку.
Марыля. Ох, добрыя мы з табой гаспадынькі, Зосечка.
Зоська. Праўду кажаш, Марылечка.
Марыля. Зоська, слухай, вунь мужыкі нашы ідуць, размаўляюць, смяюцца.
Зоська. А паслухаем, схаваемся толью.
На сцэну выходзяць Фядос i Сiдорка.
Сiдорка. Масленка, масленка. Бывай зiма красненька. Я яшчэ сёння i не абедаў. Зусiм жонкi здурнелi з гэтай Масленіцай, толькі і швэндаюцца адна да адной у госці.
Фядос. I сапраўды, зусiм з глузду з’ехалi. Трэба сказаць меншаму брату Васiлю, каб не жанiўся….
Сiдорка. А хочаш, я табе скажу, дзе я ўтрам паснедаў. Вось слухай…. Устаў я ранешенька. Дай думаю да цябе ў госцi схаджу. Толькi сабiраўся ў акенца пагрукаць, а тут твая Марылька на талерачку сыр кладзе i з гэтай талерачкай у сенцы выйшла. Не стаў я стукаць. Ты ж ведаеш, як яна мяне любiць … (як сабака палку). Думаю, чаго яе турбаваць. Сам у сенцы пацiху шусь…. Ну, скажу нiчога сырок, добры. Але крышачку сухаваты.
Фядос. Ну, ты мяне насмяшыў (рагоча). Ды малая яшчэ, не навучылася добра варыць сыр. Вось у мацi яе, у цешчы, ой вельмi смачны, ой аж слюнкi пацяклi. А цяпер паслухай! Са смеху зараз лопнеш. Я у той час да тябе таксама iшоў. Як мы толькi размiнулiся. Я па агародах прабiраўся, каб тваю Зоську не сустрэць. Толькi я з-за сарая выйшаў … Бачу - твая Зоська нешта на талерцы ў гумно папёрла. Цiкава мне раптам стала, дай думаю, пагляджу. Падыйшоў цiхенька, глядзь, бліны. Такi апетыт мяне разабраў. Я ўсе іх пад паху i ходу. Навошта дабру прападаць? Ну так нічога, але масла пашкадавала.
У гэты момант выскокваюць на сцэну жанчыны i, уз’юшаныя, налятаюць на мужыкоў.
Зоська. Як гэта масла пашкадавала, як гэта пашкадавала. Я ж яшчэ зверху і цукрам пасыпала... Ах, каб ты трэснуў...
Марыля. А мой сырок сухаваты... дык каб у цябе рукі паадсыхалі... Злодзей ...
Наступаюць на мужыкоў.
Сiдорка. Ой, бабанькi, што вы робiце! Жоначкi даражэнькiя, сёння ж такi дзень. Сёння, наадварот, трэба ва ўсiх прабачэння прасiць, а вы… размахалiся кулакамi.
Зоська. А і праўда! Што гэта мы забыліся зусім.
Марыля. Вы, мужыкі, не сярдуйце на нас, папаліся пад гарачую руку. Ну, з'елі і з'елі, на здароўе. На тое ж яна і Масленіца.
Зоська. Шчодрая і шырокая.
Мужыкi. Вось i добра, вось i ладненька. А зараз, жоначкi даражэнькiя, пойдзем да бацькоў сваiх прабачэння прасiць. Сёння прашчоная нядзеля.
Вяд. Вось i пайшлi нашы маладыя да бацькоў прасiць за ўсе нядобрае прабачэнне. У гэты ж дзень у час вясёлых масленiчных уцех не забывалi нашыя продкi памянуць тых, каго ўжо няма ў жывых. Масленiчныя Дзяды – памiнанне памерлых – былi распаўсюджаны па ўсёй Беларусi. I першы спечаны блiн клалi пад абразы, або на акно ці на крышу. Запрашалi памерлых на вячэру. У гэты дзень першы спечаны блiн насiлi на могiлкi.
СЦЭНАРЫЙ ПРЭЗЕНТАЦЫІ ВЫНІКОВАЙ ВЫСТАВЫ
СВЯТА МАСЛЕНІЦА
Мэта:
· пазнаёміць удзельнікаў свята з гісторыяй узнікнення і святкавання Масленіцы, галоўнымі дзеючымі асобамі, рытуальна-абрадавымі прадметамі;
· развіваць эстэтычныя эмоцыі і пачуцці, эстэтычны густ;
· стварыць умовы для жадання стаць уладарамі і носьбітамі культурнай спадчыны.
Абсталяванне: экспанаты выставы, стэнд, музычнае суправаджэнне, выстава кніг.
Вядучы. З гісторыі ўзнікнення і святкавання Масленіца
Свята Масленіца – гэта многадзённае свята. Інакш кажучы, свята развітання з зімой і сустрэча вясны. Гэта свята прыйшло да нас з далекіх язычніцкіх часоў. Народ любіў яго і велічаў ласкавымі словамі: “перапёлачка”, “ясачка”, “касатачка”, “перабяруха”.
А мы назвалі нашу выставу “Спадарыня – Масленіца”. Хрысціянская царква спрабавала знішчыць гэта свята як язычніцкае, але змагла толькі крыху перанесці яго і скараціць дні святкавання з 14 да 8.
Увесь тыдзень святкавання Масленіцы па царкоўнай тэрміналогіі нараклі мясапуст, гэта значыць, нельга ўжываць мясную ежу, так як за тыднем Масленіцы пачынаўся строгі і суровы Вялікі пост, які цягнуўся 7 тыдняў, да самой Пасхі.
Вядучы. I раздзел. Святочная абрадавая ежа
Але ці можна на свята абысціся без мяса? Вось, менавіта, нашы продкі ў тыя далекія часы знайшлі выхад з умоў мясапуста: нельга есці мяса, але існуюць малако, тварог, сыр, масла. У народзе гэты тыдзень назваецца сырным тыднем.
На нашай выставе вы бачыце рытуальна-абрадавую ежу: масла, сыр, творог, смятана, малако, печыва, мёд, квас, збіцень (напой з вады, мёда і рэзкіх затавак).
Але галоўным атрыбутам свята заўседы лічыліся бліны. Прыказка такая была: “Без бліна не маслена, без пірага не імяніннік”. Круглыя, жоўценькія, гарачыя, пышныя, яны з’яўляліся сімвалам сонца, вясны, цяпла і дабра. Бліны пяклі ўсю сырную нядзелю. Першы блін прысвячалі нябожчыкам і клалі на бажніцу або на крышу, могілкі. Было прынята класці блін на галаву Масленіцы, а потым спальваць яго ў апошні дзень тыдня на вогнішчы, каб быў багаты ўраджай.
Вядучы. II раздзел. Голоўныя дзеючыя асобы свята
Першы дзень Масленіцы называецца СУСТРЭЧА або УСТРЭЧАННЕ.
У гэты дзень з саломы рабілі чучала зімы. Зверху абкручвалі яго белым палатном, на якім малявалі твар вуглём: вялізныя вочы, зубы, нос, імкнучыся зрабіць так, каб ён атрымаўся як мага страшнейшым. На чучала апраналі старое жаночае адзенне, на галаву клалі блін, у адну руку давалі патэльню, а ў другую - мятлу. Масленіцу ставілі на ледзяную гару і пачыналіся гульні.
Разам з тым, існавалі і іншыя дзеючыя асобы свята: “дзед” (жанчына), “баба” (мужчына), цыган/цыганка, старыц, духавенства, каза, мядзведзь і інш.
Такім чынам, галоўнай дзеючай асобай свята з'яўляецца чучала зімы Масленіца.
Вядучы. III раздзел. Прыёмы маскіравання: пераапрананне,
грымоўка
Паводле верванняў беларусаў, пераапрананне мужчын у жанчын, а жанчын у мужчын у час свята спрыяла пладавітасці жывёл і ўраджайнасці зямлі. Каб стварыць святочны вобраз, трэба было добра замаскіравацца, а гэта значыць пераапрануцца і загрыміравацца.
Прыгатаванне і апрананне карнавальных касцюмаў пачыналася так: замужнія жанчыны і жанатыя мужчыны збіраліся ў адной хаце, прыносілі з сабой рванае , старое, дрэннае адзенне і апраналі на сябе: мужчыны – жаночае, а жанчыны – мужчынскае. Для грымоўкі твару выкарыстоўвалі наступныя сродкі:
з печы выграбалі сажу, вуглі і пачыналі вымазваць (распісваць) твары (малявалі вусы, бровы, бароды);
бурачным сокам ці бураком малявалі шчокі;
звараную у шалупенні бульбу таўклі і гэтым натуральным клеем прыклеівалі вусы, бараду;
выразалі з сырой бульбы, рэдзькі, гарбуза зубы і ўстаўлялі ў рот за зубы і за шчокі.
Для грымоўкі твару, як мы бачым, выкарыстоўвалі тры асноўных колеры – чырвоны, белы, і чорны, якія наогул характэрны для традыцыйнай беларускай культуры і сімвалізуюць жыццё і смерць.
Такім чынам, удзельнік абрадавай карнавальнай гульні імкнуліся, з аднаго боку, як мага болей акарыкатурыць свій вобраз, каб выклікаць інтарэс гледачоў, справакаваць жарты і заўвагі з іх боку.
Выглядаючы жахліва і страшна, яны імкнуліся быць падобнымі на прадстаўнікоў патустаронняга міру. У весцы іх лічылі прадстаўнікамі звышнатуральных сіл. Яны сваім выглядам павінны былі абмануць злых духаў і пранікнуць у патустаронні мір, каб потым сваімі дзеяннямі (учынкамі) станоўча ці адмоўна паўплываць на лёс сваіх аднавяскоўцаў, прыносіць ім дабро ці зло.
Свята Масленіца, як мы бачым, утрымлівала шмат карнавальных элементаў.
Вядучы. IVраздзел. Рытуальна – абрадавыя прадметы. Музычныя інструменты
Каб завяршыць любы карнавальны вобраз, акрамя маскі і касцюма, выкарыстоўваліся і іншыя прадметы-сімвалы. Маскіраваныя валачобнікі, цягаючыся па дварах, выкарыстоўвалі музычныя інструменты для стварэння як мага болей шуму. Сярод іх былі спецыяльныя:
· гармонік;
· бубен;
· балайка.
У якасці музычных інструментаў выкарыстоўвалі розныя пабытовыя рэчы:
· вёдры;
· палкі;
· скавароды;
· пілы.
Сярод іх былі і самаробныя:
· трашчоткі;
· бразготкі;
· світулькі;
· ударнікі.
Такім чынам, для стварэння святочнага карнавальнага вобразу выкарыстоўвалася паўсядзеннае адзенне і побытавыя рэчы навыварат, не па свайму прызначэнню. Вываратнасць касцюма пераапранутага – адна з галоўных знешніх рысаў яго вобліка. Таксама даволі частыя прыёмы, да якіх прыбягалі маскіравання, гэта змяшчэнне верху і нізу касцюма, левага і правага боку, пераду і заду, парушэнне прынцыпу парнасці.
Перавернутасць – галоўны прынцып у абрадавым перапрананні.
Вядучы. V раздзел. Рытуальна – абрадавыя прадметы
Другі дзень Масленіцы быў багаты на розныя гульні і забавы і называуся ен “ЗАЙГРЫШ”.
Калі ў весцы ці паблізу была гара, то яе за некалькі дзен палівалі вадою, а як не было натуральнай гары – рабілі штучную. Каталіся на санках, кавалках ільду, высечаных з ракі, на лаўках. Часам прыцягвалі на гару вялікія сані, садзіліся па 10 чалавек і ляцелі з гары. Катаючыся з гор, прыгаворвалі: “На доўгую пяньку, на доўгі лен.” Існавала павер’е: перш чым “вазіцца на Масленіцу” на санках, “жонкі” павінны былі праехаць з гары на прасніцы: чым даужэйшы будзе такі праезд, тым даўжэйшы ўрадзіць лен.
Любімая забава моладзі – гайданне на арэлях. Хто вышэй падляціць на арэлях, у таго вышэй будзе жыта.
На Масленіцу маскіраваныя часта насілі з сабой дайніцы, стукалі ў іх палкамі, ствараючы шмат шуму і самадзельнай музыкі. Існуе павер’е, што ў час Масленіцы, жанчыны павінны піць піва толькі з дайніц, каб павялічыць надоі малака у кароў.
Вядучы: А зараз давайце паслухаем, што рабілі з чучалам Масленіцы? А можа вы ведаеце!
У апошні дзень тыдня, нядзелю, чучала Масленіцы вечарам садзілі на санкі, або ў сані і вывазілі за веску, на поле, або на скрыжаванне дарог, разводзілі вялікі касцер, на які прыносілі старыя, зношаныя за зіму рэчы ад усіх аднавяскоўцаў і спальвалі на ім чучала зімы Масленіцу.
Попел, які заставаўся пасля патухання кастра, раскідвалі па палях, бо лічылася, што гэта вельмі спрыяе ўрадлівасці глебы. На гэты касцер, дзе спальвалі саламянае чучала, збіраліся жыхары вескі, акрамя нямоглых, старых і малых дзяцей.
У некатарых месцах на гэтым кастры маскіраваныя ўдзельнікі спальвалі асобныя атрыбуты сваіх карнавальных касцюмаў: кудзелю, з якіх былі зроблены барада, вусы, касцюмы. Часам, хто ўдзельнічаў у абрадавым пераапрананні, пераскоквалі праз агонь, каб ачысціцца ад грахоў, т.к. пранікненне ў патустаронні мір лічылася вялізным грахом.
Такім чынам, як мы бачым, святкаванне Масленіцы выконвала важныя гаспадарча-аграрную, камунікатыўную, магічную, псіхалагічную грамадскую функцыі.
Фота 1, 2,3, 4 Сустрэча - зайгрыш
Фота 5,6,7,8 Ласуха-разгул
Фота 9 Абрадава-святочнае шэсця “Калодка”
Фота 10-14 Выніковая выстава свята Масленіца
Фота 15,16 Провады Масленіцы
Літаратура і інфармацыйныя рэсурсы:
1. Аляхновіч А.М. Беларускі музычны фальклор. / А.М. Аляхновіч,
М.В. Рахчэеў, У.Д.Каструлёў. Мн., 1996.
2. Барташэвіч Г.А. Беларуская народжная паэзія вясновага цыкла і славянская народная традыцыя. Мн., 1985.
3. Беларускі народны каляндар / аут.-уклад. А.Ю. Лозка. Мн., 1992.
4. Вількін Я.Р. Беларускія народныя гульні. Мн., 1996.
5. Зімовыя святы / аут.-уклад.: А.М. Аляхновіч, А.Ю. Лозка. Мн., 1999.
6. Калачова І.І. Народныя традыцыі і звычаі выхавання: этнапедагагічная спадчына народаў Беларусі. Мн., 1999.
7. Калядныя гульні: матэрыял для азнаямлення з традыцыямі, якія існавалі ў час Каляд / падр. У.А. Васілевіч. Мн., 1992.
8. Коваль У.І. Беларускія народныя святы і звычаі / У.І. Коваль, В.С. Новак. Гомель, 1993.
9. Кожух Н.В. Славянскі фальклор: вучэб. дапам. Жодзіна, 1995.
10. Кухаронак Т.І. Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў. Мн., 2001.
11. Летнія святы / аут.-уклад.: А.М. Аляхновіч, А.Ю. Лозка. Мн., 2001.
12. Ліцвінка В.Дз. Святы і абрады беларусаў. 2-е выд. Мн., 1998.
13. Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура: вучэб.-метад. дапам. Мн., 1997.
14. Цыральчук А.А. Купалінка: народныя святы і абрады. Мазыр, 2005.
© ООО «Знанио»
С вами с 2009 года.