Тэма: “Падоўжаныя зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.”
Мэта: пазнаёміць з асаблівасцямі вымаўлення і напісання слоў з падоўжанымі гукамі, практыкаваць у вылучэнні на слых слоў с падоўжанымі зычнымі.
Абсталяванне: малюнкі сонейка і хмаркі
Ход урока
I. Арганізацыйны момант.
Настаўнік.
Прывітанне! Пачынаем урок з гульні. Калі вы будзеце згодныя з маімі думкамі, кажыце “Так”. Мову родную шаную. (Так.)На ўроку не сумую. (Так.)І выдатна я працую. (Так.)Дэвіз нашага ўрока — “Будзем добра працаваць і не будзем сумаваць!”Малайцы! Настрой у вас добры, і я жадаю вам поспехаў.
II. Моўная размінка.
Настаўнік. Дзеці, сёння на ўроку будзе цёпла і сонечна — у сваёй працы мы будзем успамінаць лета. Паслухайце, калі ласка, урывак з верша Я. Коласа “На лузе”.
Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясцяць,
Луг зялёны жыццём дыша —
Конікі трашчаць.
Хто з вас ведае, хто такія конікі?
(Па-руску яны называюцца “кузнечики”.)
Давайце ўспомнім, як стракочуць конікі? (Ц-ц-ц-ц-ц) А як надакучліва ўлетку ныюць камары? (Н-н-н-н-н). А як гудуць жукі? (Ж-ж-ж-ж-ж)
III. Хвілінка чыстапісання.
Настаўнік. Запішыце ў сваіх сшытках спалучэнні літар цц, нн, жж. Якое злучэнне мы выкарыстоўваем пад час запісу літар? (Пішам прыгожа, сочым за нахілам і правільным безадрыўным напісаннем.)
Прачытайце словы, у якіх сустракаюцца гэтыя літары.Запіс на дошцы:
Ласуюцца, карэнне, збожжа.
Ці зразумелыя вам значэнні гэтых слоў?
Слоўнікавая работа
Настаўнік дае пераклад слоў з беларускай на русскую мову.
Збожжа — зерно. Карэнне — корни. Ласуюцца — лакомятся.
Настаўнік. Звярніце ўвагу на напісанне слова ласуюцца. Пастаўце націск. Якая арфаграма сустракаецца ў гэтым слове? (Падоўжаная літара ц.) Наступнае слова — карэнне. Пастаўце ў ім націск. Ад якога слова яно ўтварылася? (Корань.) Чаму ў слове корань пішацца галосная о, а ў слове карэнне— а? (Адказы вучняў.) Якая яшчэ арфаграма ёсць у гэтым слове? (Падоўжаная літара н.) Пастаўце націск у слове збожжа. Якая арфаграма сустракаецца ў гэтым слове? (Падоўжаная літара ж.) Запішыце словы ў сшыткі, пастаўце націскі і падкрэсліце арфаграмы. Складзіце сказ з адным з гэтых слоў. Малайцы!
Прачытайце сказ, які запісаны на дошцы: Дзікі ласуюцца карэннямі раслін.
Знайдзіце ў сказе словы, у якіх побач пішуцца дзве аднолькавыя літары, што абазначаюць зычныя гукі. (Ласуюцца, карэннямі.) Спішыце сказ і падкрэсліце гэтыя літары. Як правільна запісаць сказ? (З чырвонага радка, з вялікай літары, у канцы ставіцца кропка.)
Праводзіцца этап самаацэнкі.
Вучні ацэньваюць сваю працу ў выглядзе шкалы.
IV. Паведамленне тэмы і мэты ўрока.
Настаўнік. Ці вучыліся мы пісаць такія словы на ўроках беларускай мовы? (Не.) Сёння гэта і будзе тэмай нашага ўрока. Давайце прачытаем, як яна называецца
Тэма: “Падоўжаныя зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.”
Як вы думаеце, якая мэта нашага ўрока? (Будзем вучыцца пісаць словы з падоўжанымі зычнымі.) Так, але спачатку мы навучымся іх вызначаць на слых. Зычныя гукі мы ведаем, а што значыць “падоўжаныя гукі”?
(Адказы вучняў.)
V. Работа па падручніку.
Настаўнік. Адкрыйце, калі ласка,падручнікі на с.. Выконваем пр.
Давайце праверым, ці правільную выснову мы зрабілі.
Чытаем правіла на с. падручніка.
Фізкультхвілінка.
VII. Замацаванне вывучанага.
Настаўнік. Прачытайце сказы, запісаныя на дошцы.
Пчолы неслі мёд у новыя вуллі. Сёлета вырасла густое збожжа.
Днём і ноччу працуюць камбайны.
Выпішыце словы з падоўжанымі зычнымі гукамі і падкрэсліце літары, якімі яны перадаюцца на пісьме.
(Трое вучняў выконваюць заданне каля дошкі з тлумачэннем.)
Настаўнік. На ўроках беларускай мовы нам вельмі часта прыйдзецца пераносіць словы з падоўжанымі зычнымі. Успомніце, калі ласка, правіла.
Настаўнік.
Цяпер я раздаю кожнаму з вас карткі. Прачытайце словы, якія на іх запісаны.
Піццё, галлё, ноччу, збожжа, Ганна, жыццё, ружжо.
Ці ёсць сярод іх словы, значэнне якіх вам не зразумела? Запішыце ў сшыткі словы з падоўжанымі зычнымі і падзяліце іх вертыкальнымі рыскамі для пераносу. Праводзіцца праверка. Ланцужком вучні зачытваюць словы і голасам дзеляць іх для пераносу.
Піц-цё, гал-лё, ноч-чу, збож-жа, Ган-на, жыц-цё, руж-жо.
Настаўнік. Зараз правядзём самаацэнку. Палічыце, колькі слоў у вас падзелена правільна, і запішыце гэтую лічбу алоўкам на палях.
Фізкультхвілінка для вачэй
Работа па падручніку.
Настаўнік. А зараз памяняйцеся сшыткамі з суседам і праверце, ці правільна выканана заданне. Праводзіцца этап самаацэнкі.
Вучні, якія выканалі работу правільна, ставяць алоўкам на палях “+”, тыя, у каго былі памылкі, — “-”.
Падвядзенне вынікаў
Пытанні і заданні: як вымаўляюцца зычныя паміж галоснымі ў некаторых словах? (Падоўжана.) Як падоўжаныя гукі перадаюцца на пісьме?
(Дзвюма літарамі.) Як пераносіць словы з падоўжанымі зычнымі? Назавіце словы з падоўжанымі зычнымі, якія вы запомнілі з сённяшняга ўрока.
VIII. Рэфлексія.
IX. Дамашняе заданне.
© ООО «Знанио»
С вами с 2009 года.